Гісторыя санктуарыя Маці Божай у Тракелях

Фота: Юлія Радзевіч

Паводле архіўных звестак, першы парафіяльны касцёл у Тракелях быў закладзены ў 1500 г. віленскім ваяводам Марцінам Гаштольдам.

Першы касцёл знаходзіўся ў паўночнай частцы вёскі. Падчас нашэсця маскоўскіх войскаў у 1655–1659 гг. тракельская святыня, як і многія іншыя, была знішчана. Дзякуючы намаганням айцоў езуітаў касцёл быў адбудаваны і ў 1687 г. кансэкраваны Віленскім епіскапам Уладзіславам Сільніцкім. Аднак святыня не праіснавала і стагоддзя, як зноў была знішчана падчас нашэсця шведаў каля 1705 г. Агульнымі намаганнямі айцоў езуітаў і парафіянаў у 1758 г. касцёл быў нанава адбудаваны і кансэкраваны пад тытулам Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Драўляны будынак святыні, які мы бачым сёння, пабудаваны на ахвяраванні мясцовага землеўладальніка Стэфана Незабытоўскага, падкаморыя навагрудскага ў 1809 г. Грунтоўная рэстаўрацыя будынка была здзейснена ў 1866 г. адміністратарам тракельскай парафіі кс. Юзафам Сідорскім. Пазней касцёл яшчэ некалькі разоў рэстаўраваўся. У 1928 сцены былі ашаляваны звонку і ўнутры, у 1950-х гонтавы дах замянілі бляшаным.

Абраз „Маці Божая Тракельская” які знаходзіцца ў галоўным алтары святыні і згодна з паданнем у 1595 годзе прывезены з Вільні. Амаль цалкам захавалася гістарычнае размяшчэнне алтароў,  толькі правы алтар да 1850 г. быў прысвечаны Езусу Бічаванаму.

Пасля Другой сусветнай вайны савецкія ўлады не аднойчы спрабавалі зачыніць касцёл. У 1968 парафію знялі з рэгістрацыі (у 1961–1975 касцёл стаяў зачынены), але вернікі змаглі абараніць святыню. У жніўні 1988 тракельская парафія ізноў была афіцыйна зарэгістравана.

У 1994 касцёл у Тракелях атрымаў статус дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай (фэст – першая субота ліпеня). У 1997 перад касцёлам пабудаваны палевы аўтар для вулічных набажэнстваў падчас пілігрымак.

З 1970-х гг. занесены ў спіс помнікаў архітэктуры.

Побач з касцёлам (на поўнач ад яго) пастаўлена драўляная 2-ярусная каркасная званіца. Тут змешчаны старажытны звон, адліты ў 1754 майстрам Густавам Мёркам з Вільні.

Касцёльны архіў змяшчаў у сабе метрычныя кнігі хрышчэнняў ад 1680 года, шлюбаў - ад 1678 года і сконаў - ад 1776 года.

Пры касцёле традыцыйна, так як і ў іншых парафіях, існаваў прытулак для састарэлых, якія ўтрымоўваўся на ахвяраванні багатых вернікаў. Працавала школка для дзяцей, у якой арганіст вучыў чытаць і пісаць.

Раней тракельская парафія ўваходзіла ў склад Лідскага дэканата, з 1991 знаходзіцца ў Радунскім дэканаце

У наш час парафія налічвае каля 1200 чал.

Абраз Маці божай Тракельскай

Абраз Маці божай Тракельскай -  копія абраза Маці Божай Снежнай з Рыма.Ён намаляваны на палатне і мае памеры 180 на 100. Выканаўца копіі невядомы, магчыма яго прывезлі і падарылі айцы езуіты.

У 1656 годе падчас  польска- маскоўскай вайны касцел быў спалены, аднак абраз не згарэў. У парафіяльнай хроніцы занатавана,што абраз знайшоў сляпы чалавек, які пасля гэтага стаў бачыць. Вядома таксама, што ад паралічу ног вылечылася пасля наведвання абраза 12- гадовая дзяўчынка.

У 1738 годзе   па заказу езуітаў на абразе намалявалі постаць святога Казіміра Ягелончыка, заступніка Літвы.  Гэта звязана з кананізацыяй каралевіча ў віленскай катэдры ў 1604 годзе. Мы бачым пагружанага ў малітву Святога Казіміра. У адкрытай кнізе, якая ляжыць перад  ім можна прачытаць словы яго любімай песні:”Кожны дзень , душа мая, Марыю праслаўляй!”

З 14 стагоддзя 4 сакавіка адзначаецца дзень святога Казіміра. Гэта вялікае  свята У Літве і  Гродна  4 сакавіка праводзяцца кірмашсвятога Казіміра -  “Казюкі”.

5 ліпеня 2009 года ў Тракелях адбылася вялікая падзея, якая закранула нашы сэрцы-каранацыя цудадзейнага абраза Маці Божай. Усяго на каранацыі пабывала прыкладна 25 тысяч чалавек

Вядома, што яшчэ ў 1782 годзе ў знак падзякі за шматлікія цуды на яго былі накладзены воты - металічныя пасярэбраныя сукенкі і кароны. Аднак з цягам часу яны страцілі свой першапачатковы выгляд, таму былі зняты з абраза, рэстаўрываны і пазалочаны , адпраўлены ў Ватыкан для асвячэння.  Праўда, зняты былі толькі кароны.

10 лютага 2009 года Святы Айцец Бенедыкт 16 адарыў абраз Маці Божай Тракельскай прывілеем: ускласці на яе папскія кароны.  Каранацыя абавязвае  умацоўваць у нашых душах не толькі веру, але і надзею і любоў да бліжніх.

Comments are closed.