Марыя, aтулі нашыя сем’і!

Парафіяльныя навіны

Юбілейныя ўрачыстасці ў гонар Маці Тракельскай сёлета адбудуцца 12–13 ліпеня пад дэвізам: «Марыя, атулі нашыя сем’і!» Марыя – заступніца для кожнай сям’і, маці, якая слухае, атуляе сваёй пяшчотай, дапамагае несці крыж, разам усміхаецца і плача. Яна штодзённа падкрэслівае гэтыя словы, застаючыся вернай Пану, выконваючы давераную місію. Марыя – прыклад для кожнай сям’і, якая імкнецца трываць у шчасці, любові, адзінстве, каханні. Марыя прыходзіць да нас, каб сказаць людзям, што ў жыцці так важна прабачыць і паяднацца, бесперапынна і пастаянна трываць у малітве. Тракельская Пані з матчынай пяшчотай і ласкай атуляе нашыя сем’і, асвячае іх, лечыць душы. Маці, якая асвячае і ўмацоўвае нашыя сем’і і лечыць цела і душу. Яна прыходзіць да кожнага з нас, ніколі не саромеецца быць з людзьмі, не пагарджае іх зямным, духоўна-абмежаваным жыццём і пакутамі.

Памолімся ля падножжа Маці Божай Тракельскай за адзінства і святасць нашых сем’яў. Перадусім, задача кожнай маці ў сям’і – прывесці сваіх дзяцей да Бога. Сапраўдны касцёл знаходзіцца там, дзе людзі моляцца разам з Марыяй і Апосталамі. Калі ў сям’і не будзе Марыі і малітвы, то не прыйдзем да Хрыста. Не зменіцца сітуацыя ў сем’ях, калі мы не пераменімся да лепшага, калі не адродзіцца вернасць Богу і Яго наказам. Без такіх асаблівасцяў, сям’я становіцца няўтульнай. Шчаслівыя дзеці, што маюць святых бацькоў!

Умацоўвайце свае сем’і разам з Маці Тракельскай! Яна мае час для кожнага з нас. Мае жаданне слухаць, дапамагаць, атуліць па-мацярынску. Усім гэтым Марыя перадае для нас матывацыю на лепшае жыццё, сілы пасля падзення, выбар паміж сапраўдным і штучным. Прыслухайцеся да Марыі, Яна многае падкажа: як асвяціць нашыя сем’і і зрабіць іх моцнымі?

Каралева нашых сем’яў, маліся за нас!

Кс. Юрый Бяганскі

Comments are closed.